КАРБАНІ́ЛЫ МЕТА́ЛАЎ,
хімічныя злучэнні металаў з аксідам вугляроду CO. Найб. даследаваны карбанілы пераходных металаў VI—VIII груп перыяд. сістэмы элементаў.
Адрозніваюць аднаядзерныя з 1 атамам мешу [напр., Ni(CO)4 тэтракарбаніл нікелю] і шмат’ядзерныя з некалькімі атамамі металу ў малекуле (напр., Co2(CO)8 октакарбанілдыкобальт, Fe3(CO)12 додэкарбанілтрыжалеза]. Большасць К.м. — крышт. рэчывы лёгкалятучыя і лёгкаплаўкія [напр. Co2(CO)8. крышталі аранжавага колеру, tпл 51 °C]; Ni(CO)4 і пентакарбанілы жалеза, рутэнію і осмію — вадкасці [напр., Fe(CO)5 — жоўтая вадкасць, tкіп 103 °C, шчыльн. 1460 кг/м³]. Раствараюцца ў арган. растваральніках. Пры награванні раскладаюцца на CO і метал. Атрымліваюць узаемадзеяннем CO з металамі (жалеза, нікель, кобальт) ці з іх злучэннямі ў прысутнасці аднаўляльнікаў (напр., вадароду, магнію, рэактываў Грыньяра). Выкарыстоўваюць для атрымання звышчыстых металаў, металаарган. злучэнняў; як каталізатары шматлікіх хім. працэсаў (гідрыравання, полімерызацыі, ізамерызацыі і інш.). Высокатаксічныя; асабліва атрутныя Ni(CO)4 і Fe(CO)5.
Літ.:
Сыркин В.Г. Карбонилы металлов. М., 1983.
т. 8, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)